«Тры пары панчох, две пары гацей трэба падзяліці на тысячу людзей» альбо калектывізацыя заходнебеларускай вёскі

2016-11-06

Чаcам кажуць, што калектывізацыя Заходняй Беларусі праходзіла не так жорстка, як ва Ўсходняй Беларусі. Схемы былі абкатаныя, метады засвоеныя. Гэта і так і не так адначасова. Калектывізаваць Заходнюю Беларусь пачалі яшчэ да вайны, практычна адразу па далучэнні да БССР. Тут разгарнуліся рэпрэсіі і масавыя дэпартацыі. Аднак, справа са стварэннем калгасаў пайшла не вельмі жвава, а па вайне 1115 створаных гаспадарак ужо і не існавалі.  

 

Зямлянкі сталі домам для многіх сялян пасля вайны
 

Аднак, схема калектывізацыі Заходняй Беларусі мала чым адрознівалася ад тых жа падзей 20-30-х гг. Галоўнай мэтай было знішчэнне самастойных гаспадароў, таму аднаасобнікі абкладаліся невыноснымі падаткамі. Часам, каб заплаціць такі падатак, селянін мусіў прадаць усю сваю маёмасць. Ад 1947 па 1951 гады выйшла некалькі загадаў, якія з'яўляліся праявай ціску на сялян: «Аб падатковым абкладанні кулацкіх гаспадарак Заходніх абласцей» (1947), «Аб спагнанні нядоімак з кулацкіх гаспадарак Заходніх абласцей Беларускай ССР» (1948), «Аб высяленні кулакоў з Беларускай ССР» (1951).

 

                                                   

Аб сплочванні грашовага падатку

 

Калі з кулаком на тэрыторыі БССР ужо разабраліся, то ў Заходняй Беларусі, на думку ўладаў, ліквідацыя кулацтва як класа яшчэ не адбылася. Асноўны ўдар тут прыйшоўся якраз на серадняцкія гаспадаркі, бо найбольш заможныя былі вывезеныя да вайны. І як заўжды спісы кулакоў складаліся адвольна, каб прадэманстраваць вялікі спрыт і працаздольнасць перад сваім начальствам. 

 

Абавязак аб пастаўцы дзяржаве сельгаспрадукцыі

 

Нягледзячы на фарсіраваны характар калектывізацыі, цэнтр быў незадаволены і таму тэмпы узрасталі, адпаведна павялічваўся прымус. Практычна да 1952 г. Заходняя Беларусь была калектывізаваная, заставалася вельмі мала самастойных гаспадарак.

 

Калгаснікі

 

Беларускі архіў вуснай гісторыі спрабуе праліць святло на пасляваенныя падзеі ў беларускай вёсцы. Першая экспедыцыя праводзілася ў 2015 годзе на Палессі, тады каманда з 14 чалавек сабрала 65 інтэрв'ю. Сёлета праца працягнулася ў Лідскім і Воранаўскім раёнах, гэтым разам сабралі 58 успамінаў. 

Якое было стаўленне жыхароў заходнебеларускай вёскі да савецкай улады і калектывізацыі? Як выражалі людзі нязгоду і як змянілася іх жыццё пасля ўваходжання ў калгас? Магчыма, у кагосьці атрымалася захаваць сваю самастойеую гаспадарку? На гэтыя і іншыя пытанні можна знайсці адказы ў аповедах саміх людзей. 

 

Сваё стаўленне да калгасаў сяляне традыцыйна выражалі ў фальклоры

 

Калекцыі «Палессе, 2015» і «Лідчына-Воранаўшчына, 2016», прысвечаныя тэме калектывізацыі Заходняй Беларусі, дасяжныя зарэгістраваным карыстальнікам.  

У падрыхтоўцы матэрыяла былі выкарыстаныя фотаздымкі Ушакевіча Станіслава Алёізавіча і фрагмент відэаінтэрв'ю Комінч Уладзіславы Янаўны, якія знаходзяцца ў калекцыі «Лідчына-Воранаўшчына, 2016»

Каментары да навіны: