«Ручаі крыві цяклі з вадою»: гісторыя Халакосту

2016-11-27

Рыта К. была падлеткам, калі пачалася Другая сусветная вайна. Дзяўчынка-габрэйка з забяспечанай сям'і не надта пераймалася пытаннем сваёй ідэнтычнасці. Калі ў школе яе запыталі аб нацыянальнасці, Рыта разгубілася і сказала, што ёй трэба запытаць аб гэтым сваю маці. Шчаслівае жыццё абарвалася раптам, калі родны Менск быў акупаваны немцамі. 

 

 

Практычна з самага пачатку стварэння гета, немцы сістэматычна займаліся знішчэннем яго жыхароў. Першая аблава адбылася ўжо 26 жніўня, тады знішчалі мужчын, баючыся супраціўлення з боку габрэяў. Першую аблаву сям’я Рыты перажыла. Аднак, другая аперацыя забрала жыцці адразу некалькіх блізкіх людзей. 

 

 

У хуткім часе была забіта і маці Рыты. Яна, падлетак 14 год, засталася разам са сваім 10-гадовым братам Герам адна. А тут яшчэ Гера захварэў на менінгіт і падавалася, што яна страціць і яго. Аднак, брат выздараўлівае. Вось толькі яшчэ слабы дзіцёнак трапляе пад чарговую аблаву, а Рыта ніяк не можа яму дапамагчы – яе разам з іншымі працоўнымі закрываюць у лагеры для ваеннапалонных пакуль ідзе знішчэнне людзей у гета. Праз некалькі дзён яна вяртаецца назад і да шчасця сустракае жывога Геру. Аднак, жахлівая карціна па вяртанні ў гета засталася ў памяці Рыты назаўжды.



Немцы практыкавалі не толькі расстрэлы. Яны актыўна карысталіся так званымі душагубкамі – адмысловымі машынамі, усярэдзіну якіх пускаліся выхлапныя газы. Аднойчы Гера патрапіў у такую машыну смерці.



Паступова Рыта пачала заўважаць знакі, ледзь заўважныя змены вакол. Аднойчы яна прыкмеціла машыну з дзіўным нумарам і зразумела, што хутка будзе знішчана калона працоўных. А ім з Герам трэба было ісці на працу на фабрыку, бо толькі за працу давалі ежу. Рыта прымае рашэнне, якое становіцца лёсавызначальным для яе і брата.

 

 

Становіцца ясна, што гета засталося жыць лічаныя дні. Куды пайсці? У горадзе не схаваешся, у вёсцы таксама – паўсюль немцы, дый не факт зусім, што нехта захоча хаваць у сябе габрэйскіх дзяцей. Вядома ж, што за такі ўчынак немцы расстрэльвалі ўсю сям’ю таго, хто вырашыў дапамагчы. Адзіным выйсцем быў пабег у  партызанскі атрад. Рыта ведала, што ў гета ёсць праваднікі, але як іх знайсці? Хлопец, які абяцаў дапамагчы, знік, а іншых сувязных яна не ведала. Як на злосць, пасля забойства гаўляйтэра Кубэ, немцы яшчэ больш ўзмацнілі свае пасты. Акром таго, існавалі асаблівыя правілы прыёма ў атрад.

 

 

Рыта разам з братам і некалькімі людзьмі ўцяклі з гета. Знаёмы аптэкар, які не раз дапамагаў дзяўчынцы і яе сям’і, даў каштоўныя медыкаменты. Уцекачам пашчасціла даволі хутка сустрэць партызанаў, тыя пагадзіліся адвезці Рыту з іншымі ў атрад. Аднак, па дарозе здарылася новая трасца. Партызаны сутыкнуліся з АК. Падавалася, што ўсе скончана.

 

 

Атрад, куды трапіла Рыта з братам быў цалкам габрэйскім. Па ейных словах, там жыла толькі адна руская жанчына – жонка сувязнога Міхала, які сыйшоў разам з ёй ад «сямёнаўцаў».

 

 

«Зорынцы» не былі вайсковым фармаваннем, гэта быў сямейны атрад. Яны займаліся гаспадаркай, забяспечваючы сябе і суседнія атрады патрызанаў усім неабходным. Натуральна, што ў атрадзе была баявая група, аднак, яна была знішчана ў сутычцы з польскімі легіянерамі пад камандаваннем камандзіра з мянушкай «Ноч». Новую баявую групу стварыць не было з каго.

 

 

Калі немцы адступілі, Рыта з братам вярнуліся ў Менск, але свайго дома яны не знайшлі. Сяброўкі-партызанкі прапанавалі пажыць у сябе. Аднак, дом быў заняты, а новы гаспадар апынуўся паліцаем.

 

 

У хуткім часе Рыту з братам забраў у Маскву дзядзька. Гэтыя дзеці змаглі выжыць, але яны страцілі сваіх бацькоў, сваё дзяцінства. Наўзамен жа атрымалі незабыўны боль і горыч. 

Калекцыя, якую перадала Аніка Вальке на захаванне ў Беларускі архіў вуснай гісторыі змяшчае 16 успамінаў. Гэта гісторыі людзей, якія ў часы Другой сусветнай вайны былі дзецьмі і выжылі пасля генацыду. Акром таго рэспандэнты ўспамінаюць першыя дні акупацыі Беларусі, гісторыю мінскага гета, габрэйскае падполле і партызанскае жыццё.

Аніка Вальке  (PhD, Assistant Professor універсітэта імя Вашынгтона (ЗША)) шмат гадоў займаецца вывучэннем гісторыі Халакосту, нацыстоўскага генацыду і аспектаў выжывання ў экстрэмальных сітуацыях. 

На падставе сабраных інтэрв'ю даследчыца падрыхтавала манаграфію: Anika Walke. Pioneers and Partisans: An Oral History of Nazi Genocide in Belorussia. – Oxford University Press, 2015. – 323 s.

 

У падрыхтоўцы матэрыяла выкарыстана інтэрв'ю з Рытай К. з калекцыі Аніка Вальке – Гісторыя Халакосту.

Ганна Кавалёва

Каментары да навіны: