Антон Шукелойць: жыццё для Беларусі

2017-01-09

Антон Шукелойць нарадзіўся 19 ліпеня 1915 г. у в. Якелеўшчына Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. у сялянскай сям'і Антона і Бенедыкты з Пецюкевічаў.

У юнацтве далучыўся да грамадскага руху: падчас вучобы ў Ашмянскай польскай гімназіі быў сябрам беларускага гуртка сацыялістычнай моладзі, якім кіраваў вядомы сацыялістычны дзеяч адвакат Аляксандр Барановіч.

У 1939 г. скончыў аддзяленне славянскай філалогіі і этнаграфіі гуманітарнага факультэта Універсітэта Стэфана Баторыя. Падчас студэнцтва працаваў ва ўніверсітэцкім этнаграфічным музеі, часта выязджаў для збору матэрыялаў у розныя мясціны Беларусі. 

Па далучэнні Заходняй Беларусі да БССР у 1939 г. А. Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школ на тэрыторыі былога Ашмянскага павета. Выкладаў беларускую мову ў гімназіі, дзе раней вучыўся сам.

У 1940 г. стаў дэпутатам Ашмянскага гарадскога савета, загадчыкам гарадскога аддзела народнай асветы і школьным інспектарам-метадыстам Ашмянскага раёна.

23 чэрвеня 1941 арыштаваны органамі НКУС, вызваліўся з турмы ў выніку налёту нямецкай авіяцыі.

Пасля арганізацыі ў Мінску Беларускага культурнага згуртавання А. Шукелойця прызначылі кіраўніком аддзела краязнаўства галоўнай управы. Урэшце быў школьным інспектарам пры аддзеле Беларускай цэнтральнай рады. 

Пасля вайны працаваў у сістэме адукацыі у лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. Спрабаваў адшукаць у Баварыі сляды вывезеных туды беларускіх музейных каштоўнасцей. 

У пачатку 1950-x гг. пераехаў у ЗША. Быў актыўным ўдзельнікам жыцця беларускай дыяспары ў ЗША, шматгадовым старшынём Беларуска-Амерыканскага задзіночання, сябрам рэдакцыі газеты «Беларус», сябрам Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

БАВГ захоўвае цікавыя інтэрв'ю, якія Антон Шукелойць даў у 90-х, з імі можна пазнаёміцца тут і тут. Прагляд архіўных матэрыялаў даступны толькі зарэгістраваным карыстальнікам.

 

Каментары да навіны: