«Клуб вуснага гісторыка» альбо навошта нам патрэбна яшчэ адна адукацыйная пляцоўка

2017-01-12

Беларускі архіў вуснай гісторыі і «Гістарычная майстэрня» адкрываюць «Клуб вуснага гісторыка» – унікальную адукацыйную пляцоўку ў Мінску.

Беларускую гісторыю апісвалі па-рознаму, у аснову аповедаў часта клаліся супрацьлеглыя і спрэчныя тэзісы. Аднак, практычна заўжды па-за ўвагай даследчыкаў заставаліся непасрэдныя ўдзельнікі падзей – простыя людзі, не надзеленыя ўладай, вымушаныя жыць у драматычныя часы. Пакуль нам даступная гэта крыніца інфармацыі, варта ёй карыстацца. Беларускі архіў вуснай гісторыі ўжо 5 гадоў збірае ўспаміны жыхароў Беларусі. Прыспеў час, каб галасы сведкаў гісторыі былі пачуты беларускім грамадствам.  

Шырокамаштабная калектывізацыя

Шырокамаштабная калектывізацыя, 1930-я гг.

«Клуб вуснага гісторыка» – гэта пляцоўка, дзе будуць прэзентавацца і абмяркоўвацца важныя і малавядомыя тэмы з гісторыі ХХ стагоддзя, актуальныя для сучаснага беларускага грамадства. Позірк у гістарычнае мінулае дазволіць лепш зразумець сябе цяперашніх.

Жанчыны на полі, 1940-я гг.

Паседжанні будуць праводзіцца ва ўнікальным гістарычным будынку, які захаваўся на тэрыторыі былога Мінскага гета ды існаваў з даваенных часоў. Цяпер у ім працуе «Гістарычная майстэрня», што займаецца захаваннем памяці пра Халакост у Беларусі

На кожнае паседжанне будуць запрашацца дакладчыкі з розных кірункаў, звязаных з тэмай мерапрыемства. Гэта паспрыяе бачанню праблемаў у іх аб’ёме і складанасці. Пляцоўка дасць магчымасць самапрэзентацыі і маладым даследчыкам.

Мітынг у мястэчку Коласава на мяжы БССР і Польшчы. 1930-я гг. З асабістага архіва Генадзя Дубатоўкі.

Клуб адкрыты для ўсіх незалежна ад узросту, адукацыі і прафесіі. Першая сустрэча адбудзецца ўжо 19 студзеня ў 18.30 па адрасе: вул. Сухая, 25. Уваход вольны.

 

У матэрыяле выкарыстаныя фота з БАВГ і асабістага архіва Генадзя Дубатоўкі.

Каментары да навіны: