«Мы сапраўды былі рады таму, што прыйшлі чырвонаармейцы». Другая частка ўспамінаў Рыгора Х.

2017-02-22

У другой частцы сваіх успамінаў Рыгор Х. распавядае, чаму габрэі ўзрадаваліся прыходу Чырвонай арміі ў 1939 годзе, і чаму з прыходам немцаў найбольш пацярпелі жыхары Брэста і Гродна. 

«[…]Ну, і вось пачалася Другая сусветная вайна. Першага верасня, калі мы думалі пайсці ў школу, а тут пасыпаліся бомбы. Ну, вы ведаеце, што нямецкая армія была нашмат мацней, чым польская армія. Гітлер рыхтаваўся да вайны даўно, так. І вельмі хутка немцы захапілі ўсю Заходнюю Польшчу, палову Польшчы. І мы схаваліся, былі чутны ўжо збройныя залпы. Мы былі ўпэўненыя, што гэта немцы набліжаюцца да нас і хаваліся ў падвалах. Ну, вы ведаеце, калі бомбы сыплюцца або абстрэльваюць. І раптам аказалася, што гэта прыйшлі не немцы сюды, а Чырвоная Армія. І з'явіліся рускія салдаты, савецкія салдаты, чырвонаармейцы, як іх тады называлі. Габрэі ўсе ўзрадаваліся. Яны ўзрадаваліся не таму, што Польшча пацярпела паразу, не таму, што перамаглі немцы ў гэтай вайне, нападаючы на ​​Польшчу. А таму, што прыйшлі не немцы, а рускія. Таму што для нас было куды лепш, каб прыйшлі чырвонаармейцы. Таму што немцы, мы ведалі, што такое немцы, таму што ад іх нічога добрага чакаць нельга. Я маю на ўвазе войска нямецкае, маю на ўвазе ўладу. [...]

Чырвонаармейцы разглядаюць трафеі, атрыманыя падчас аперацыі ў Заходняй Беларусі, 1939 г. Фота: hsurvincity.com

Але прыйшлі чырвонаармейцы, а мы не хавалі радасці ад таго, што яны прыйшлі. Я ўжо тлумачыў чаму. Разумееце? Ну а палякі? Для іх акупантамі былі, як немцы, якія захапілі Заходнюю Польшчу, так і чырвонаармейцы, [...] якія захапілі Усходнюю Польшчу. А габрэі радуюцца! Мы так выглядалі, як быццам мы радаваліся. Мы сапраўды былі рады таму, што прыйшлі чырвонаармейцы, а не немцы. Я ўжо тлумачыў чаму. Гэта дадало нянавісці да нас, габрэяў, разумееце што.

Далей, з прыходам савецкай улады сюды, жыццё стала іншае. Не хачу сказаць лепш-горш. З пункту гледжання габрэйскай, нашай, шмат у чым лепш. Шмат у чым горш. Лепш у якім сэнсе: тады адкрытага антысемітызму адразу не стала. Абзываць нас жыдамі таму, што мы габрэі – ўжо тады не было. Да таго ж габрэяў прымалі ў любое месца на працу, чаго раней не было ў Польшчы. Так, што яшчэ. З прыходам савецкай улады з'явіўся шанец габрэям атрымаць адукацыю нароўні з усімі. Паступіць ва ўніверсітэт габрэю тады ў Польшчы было вельмі цяжка, каштавала вельмі дорага. А пры савецкай уладзе ў школах аплата была вельмі нізкая. Была аплата, потым яе адмянілі. Ва ўніверсітэтах, не ведаю, цяпер не памятаю, стыпендыю давалі ці потым сталі. Гэта значыць, у гэтым плане стала лепш. А што горш стала? Забаранілі іўрыт. Забаранілі рэлігію. Быццам не забаранілі, але абмежаванні вялікія. Так, габрэйскія арганізацыі былі забароненыя. Школы нашы, у якіх выкладанне было на іўрыце, зрабілі [...] на ідыш, а праз кароткі час ператварылі ў рускую. У той час як мы яшчэ рускай мовы не ведалі, нашу габрэйскую школу зрабілі рускай. Так у гэтых адносінах стала горш. Ясна, так? І тым не менш, у параўнанні з тым, што потым нам прыйшлося знесці, гэта ні ў якое параўнанне не ідзе. І вось гэта менш, чым праз два гады, гэта з верасня 39-га па чэрвень 41-га года, так? [...]

Дэманстрацыя з нагоды далучэння Заходняй Беларуси да СССР, Гродна, 1939. Фота: humus.livejournal.com

У гэты дзень, калі мы скончылі навучальны год, 21 чэрвеня 41-га года, дамовіліся з аднакласнікамі пайсці ў лес гуляць на наступны дзень. Наступны дзень – гэта павінна была быць нядзеля, гэта была нядзеля. Ноччу нас разбудзілі выбухі бомбаў. Вы ведаеце, што немцы атакавалі Савецкі Саюз без аб'яўлення вайны. Напалі па-сутнасці на сонных, захапілі велізарную колькасць ваеннапалонных. Гэта трэба было бачыць, гэта было на кожным кроку, на месцы. І літаральна за адзін дзень немцы былі ў Гродне. 22 чэрвеня яны напалі на Савецкі Саюз, 23-га чэрвеня яны захапілі Гродна ўжо. У гэтым сэнсе Гродна і Брэст, напэўна, два гарады. Усе пацярпелі жудасна, габрэі асабліва. Але габрэі пацярпелі больш за ўсё ў гэтых двух гарадах. Я так лічу, я растлумачу чаму. Як Гродна, так і Брэст былі захопленыя ў адзін дзень. То бок, не было часу, каб уцячы. Калі б людзі беглі, то сёй-той з тых, хто беглі, здолелі ўсё-ткі дабрацца на ўсход і застацца ў жывых. Я маю на ўвазе жанчыны, дзеці, мужчыны – усе. Тут такой магчымасці не было». 

Нямецкія войскі ўваходзяць у Гродна, 1941 г. Фота: grodno-best.info

 

У трэцяй частцы сваіх успамінаў Рыгор Х. раскажа пра пачатак вайны і новы «нямецкі» парадак.

У падрыхтоўцы матэрыяла была выкарыстана транскрыпцыя інтэрв'ю Рыгора Х. з калекцыі Алесі Белановіч «Остарбайтэры». Усе архіўныя матэрыялы даступныя пасля рэгістрацыі.

Пераклад з расейскай мовы і рэдактура Ганны Кавалёвай. 

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА ПЕРШУЮ ЧАСТКУ ЎСПАМІНАЎ РЫГОРА Х.:

«ПАМЁР ВАШ ДЗЯДУЛЯ, МЫ ВАМ ЗАРАЗ ПАКАЖАМ!». АНТЫСЕМІТЫЗМ У МІЖВАЕННЫМ ГРОДНА» 

Каментары да навіны: