«Шпацыр па памяці» цяпер можна спампаваць

2017-02-28

Пабачыў свет метадычны дапаможнік, які навучыць разумець помнікі і дапаможа разабрацца са спрэчнай спадчынай.

З 2012 года музей «Дом Ганны Франк» возіць па ўсім свеце праграму-практыкум «Шпацыр па памяці», пакліканую навучыць жыхароў розных краін асэнсаваць грамадскую культуру памяці. Ідэя праграмы простая: удзельнікі даследуюць гісторыю пэўнага помніка, а таксама размаўляюць з мінакамі наконт гэтага мемарыяла. Вынікам такога даследавання становіцца ролік, прысвечаны помніку, яго мінуламу і сучаснасці. З 2012 па 2016 год было знята больш за паўсотні ролікаў-кліпаў, у праект заангажаваліся сотні ўдзельнікаў. Беларускі архіў вуснай гісторыі далучыўся да «Шпацыру па памяці» у 2015 годзе.  

Чаму ўвага была скіраваная менавіта на помнікі? Стваральнікі дапаможніка мяркуюць, што «помнікі кажуць нам столькі ж пра праблемы сённяшняга дня, колькі і пра пакуты мінуўшчыны. Яны кажуць нам,хто мы і адкуль прыйшлі, дапамагаюць акрэсліць, што лічыцца больш (ці менш) важным для памяці».

Прапанаваны стваральнікамі навучальны матэрыял дапаможа больш асэнсавана ўспрымаць помнікі вакол сябе. Вялікая ўвага надаецца спрэчнымі гістарычнымі падзеямі, калі розная памяць можа падзяліць грамадства. Магчыма, мы нарэшце вырашым, куды падзець леніных і якія падзеі ды асобы варта ўшанаваць у першую чаргу.  

«Праца з мемарыяльнымі аб’ектамі, прыкладамі камунікатыўнай і культурнай памяці ў Беларусі ў межах праекта « Шпацыр па памяці » дазваляе нам зразумець сваё ўласнае грамадства, сваю ўласную гісторыю і знайсці ўласныя спосабы дэмакратызацыі памяці і грамадскага жыцця, барацьбы з практыкамі сацыяльнага выключэння і дыскрымінацыі», – піша ў прадмове Аляксей Братачкін.

Дапаможнік мае траістую структуру: уводныя практыкаванні (напрыклад, уласнае стаўленне да пэўнага помніка), асноўныя практыкаванні (стварэнне гісторыі помніка і г.д.) і хатнія заданні (напрыклад, экскурсія). Па часе курс адаптаваны для школьных ці факультатыўных заняткаў (практыкаванне цягнецца 45-60 хвілін), практыкаванні могуць выкарыстоўвацца як комплексна, так і паасобку. 

Узроставы цэнз ад 15 да 25 гадоў. Натуральна, што гэта не павінна ўспрымацца як абмежаванне. Асабліва калі ўлічваць унікальнасць гэтай распрацоўкі для Беларусі.

Важным бонусам да прыктыкаванняў з'яўляецца пералік з падрабязным апісаннем ролікаў, якія былі зняты ў Беларусі ў межах праекта «Шпацыр па памяці». Таксама даюцца парады па працы з гэтымі відэа, шмат дадатковага матэрыялу. Варта таксама адзначыць, што на ўсе ролікі і дадатковыя матэрыялы (тэксты, фота і г.д.) дадзены спасылкі, то бок адукатарам не трэба нічога самастойна шукаць у інтэрнэце ці бібліятэках. 


Карыстацца дапаможнікам вельмі прыемна, у ім шмат ілюстрацый, матэрыял аформлены зручна, заданні і інструкцыі даюцца даступна і проста. Увесь дапаможнік можна паглядзець і спампаваць тут.

 

Каментары да навіны: