Лагер смерці Трасцянец: гісторыя і памяць (+ праграма мерапрыемстваў)

2017-03-10

14 сакавіка ў Мінску адчыняецца выстава, на якой гісторыю Трасцянца можна пачуць ад сведкаў Халакосту. 

14 сакавіка (аўторак) 2017 г.

10.00 - 18.00 Семінар для настаўнікаў «Методыкі работы са школьнікамі па тэме Вялікай Айчыннай вайны ў кантэксце Другой сусветнай вайны на прыкладзе выставы «Лагер смерці Трасцянец: гісторыя і памяць». У рамках гэтага мерапрыемства будзе праведзена экскурсія для яго ўдзельнікаў, прапанаваны методыкі правядзення заняткаў у школах і гутарак са сведкамі трагічных падзей у Трасцянцы. Месца правядзення: актавая зала музея.

14.00-15.00 Падчас семінара для настаўнікаў «Методыкі работы са школьнікамі па тэме Вялікай Айчыннай вайны ў кантэксце Другой сусветнай вайны на прыкладзе выставы «Лагер смерці Трасцянец: гісторыя і памяць» пройдзе публічная размова з Таццянай Цукерман (нар. у 1949), якая жыве ў Маскве. У адным з пагромаў у Мінскім гета ў канцы ліпеня 1942 года загінулі сваякі Таццяны. Яе маці Рахіль Перэльман пашчасціла выратавацца. Таццяна Цукерман так расказвае пра тыя драматычныя падзеі: «Мая маці Рахіль і яе брат Лазар штодня выходзілі з гета, каб працаваць на чыгуначнай станцыі. Аднойчы ў ліпені 1942 г. іх затрымалі на працы і не пусцілі дахаты. […] Адразу пайшлі чуткі пра пагром у гета. Калі яны вярнуліся ў гета, там нікога ўжо не было. Гэта быў найбуйнейшы пагром 1942 г. Ім сказалі, што іх маці і брат Арон загінулі, што іх адвезлі ў Трасцянец. […] Мая маці і Лазар пазней паспрабавалі пайсці да партызанаў, але дарогай іх арыштавалі і пасадзілі ў Мінскую турму. Потым маю маці адправілі ў Аўшвіц».

Пад уплывам расказаў маці Таццяна прыкладае шмат намаганняў, каб захаваць памяць пра Халакост. Яна зноў і зноў расказвае вучням гісторыю сваёй сям'і. У 2015 г. яна ўзяла ўдзел у семінары для настаўнікаў у іерусалімскім мемарыяле «Яд Вашэм»

Месца правядзення гутаркі: актавая зала музея.

Таццяна Цукерман (злева) і яе траюрадная сястра Шалхевет Сара Цыў, якая жыве ў Ізраілі. Іх бабулі былі сёстрамі

 

16 сакавіка (чацвер) 2017 г.

10.00 Публічная гутарка са сведкам Куртам Марксам. Курт Маркс нарадзіўся ў 1929 г. у Кёльне. У дзевяцігадовым узросце яго, навучэнца яўрэйскай гімназіі «Яўне», разам з іншымі яўрэйскімі дзецьмі пасля пагромаў так званай імперскай крыштальнай ночы 1938 г. вывезлі ў Вялікабрытанію ў рамках выратавальнай акцыі «Кіндэртранспорт». Развітваючыся з бацькамі, хлопчык не сумаваў: сям’я збіралася неўзабаве зноў сустрэцца ў Амерыцы. Курт ніколі больш іх не бачыў. Разам з 1158 іншымі яўрэямі — дарослымі, дзецьмі і немаўлятамі з Кёльна і наваколля 20 ліпеня 1942 г. іх дэпартавалі ў акупаваную немцамі Беларусь. Толькі ў 1990-я гады Курт даведаўся, які лёс напаткаў дэпартаваных.

Курт Маркс успамінае: «Маіх бацькоў забілі тут у 1942 годзе. Іх адправілі з Германіі, з Кёльна сюды, нібыта каб працаваць. Але сёння вядома, што іх забілі адразу пасля прыбыцця цягніка. […] У тым эшалоне было, можа, чалавек дзесяць, каго я ведаў асабіста».

Месца правядзення гутаркі: актавая зала музея. Па заканчэнні гутаркі сябры апякунскай рады арганізуюць экскурсію па выставе.

 

5 мая 2015 г. Для ўдзелу ў памятных мерапрыемствах прыехалі Габрыэль Хайм, Петр Кленка, Курт Маркс, Херман Фёлькер і Міхаэль Маркс. Усе яны страцілі родных у Малым Трасцянцы.

 

23 сакавіка (чацвер) 2017 г.

11.00 Публічная гутарка з Галінай Мікалаеўнай Пшанічнай. Яе бацька, Мікалай Іванавіч Валахановіч, незадоўга да вызвалення Мінска трапіў у Мінскую турму на вуліцы Валадарскага. Пасля допытаў яго разам з іншымі зняволенымі адправілі на грузавіку на расстрэл у Малы Трасцянец. Нягледзячы на атрыманае пры расстрэле раненне вока, ён здолеў уцячы. 

Галіна Мікалаеўна ўспамінае пра свайго бацьку: «Перадалі мацеры, што... адвезлі Мікалая ў шпіталь. [...] Мы мелі каня. [...] Мама мяне пасадзіла на павозку і кажа: „Мы паедзем да таты ”. [...] я бацьку, вядома ж, не пазнала, бо ён быў увесь у бінтах, забінтаваны. Я нават не падышла да яго. Я вельмі спужалася. [...] Ён расказваў [свае гісторыі] і ўнукам таксама... Ён хацеў нам, дзецям, перадаць, што ён перажыў. [...] Мы павінны былі назаўсёды захаваць гэта ў сваёй памяці».

Месца правядзення: актавая зала музея. Па заканчэнні гутаркі сябры апякунскай рады арганізуюць экскурсію па выставе.

М. І. Валахановіч з жонкаю Серафімай (справа), дачкою Галінай (2-я злева) і сынам Леанідам (2-і справа) у 1950-я гг.

 

25 сакавіка (субота) 2017 г.

12.00-13.00 Мерапрыемства па інфармаванні аб конкурсе па гісторыі сярод старшакласнікаў і студэнтаў на тэму Трасцянца ды іншых месцаў знішчэння, якія знаходзіліся ў час Вялікай Айчыннай вайны на сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Мерапрыемствы па папярэдняй заяўцы:

У перыяд з 15 сакавіка па 14 красавіка 2017 г. супрацоўнікі музея і Гістарычнай майстэрні праводзяць для школ Мінска і Мінскага раёна экскурсіі па выставе «Лагер смерці Трасцянец: гісторыя і памяць».

У перыяд з 14 сакавіка па 17 сакавіка 2017 г. для школ Мінска арганізуюцца гутаркі са сведкам Куртам Марксам, былым вучнем яўрэйскай гімназіі «Яўне» ў Кёльне. 

У перыяд з 20 сакавіка па 14 красавіка 2017 г. для школ Мінска арганізуюцца гутаркі са сведкай Мінскага гета і са сваякамі ахвяр Трасцянца:

Мая Ісакаўна Крапіна, нар. у 1935 г, адна з нешматлікіх, каму ўдалося выжыць у Мінскім гета. Яе брат змог вывесці з гета групу дзяцей. «Мы ішлі тры ці чатыры дні, — расказвае яна. — Я ўжо не магла трымацца на нагах, хлопцы неслі мяне па чарзе на руках». Група з сарака дзяцей прыйшла ў вёску Парэчча, дзе размяшчаўся партызанскі атрад. Дзяцей выхадзілі жыхары гэтай беларускай вёскі. У Мінскім гета Мая Крапіна страціла бацькоў, дзвюх малодшых сясцёр, дзеда і бабулю. 

З 1944 па 1953 г. дзяўчынка выхоўвалася ў дзіцячым доме. Працавала трэнерам у дзіцячай спартыўнай школе, а выйграўшы з мужам у 1961 г. першынство СССР па акрабатыцы, пайшла на эстраду і амаль дваццаць гадоў адпрацавала ў Белдзяржфілармоніі артысткай арыгінальнага жанру. Мая Ісакаўна стаяла ля вытокаў стварэння Рэспубліканскай асацыяцыі вязняў гета і Рэспубліканскай арганізацыі Праведнікаў народаў свету. Яна знайшла 27 беларусаў, якія ў гады вайны, рызыкуючы жыццём, ратавалі яўрэйскіх жанчын і дзяцей. Як былы вязень гета Мая Крапіна часта выступае перад школьнікамі і студэнтамі Беларусі, Германіі ды іншых краін. 22 кастрычніка 2012 г., у дні 69-й гадавіны трагічных падзей ліквідацыі нацыстамі Мінскага гета, адбылася прэзентацыя кнігі Маі Крапінай «Тройчы народжаная».

                                

Мая, выхаванка дзіцячага дома № 7, Мінск, 1951 г.

 

Ларыса Паўлаўна Шырынская, нар. у 1929 г. Яе бацька Павел Шалканоўцаў, да вайны школьны дырэктар, быў арыштаваны 6 красавіка 1944 г. Мінскім СД і накіраваны ў турму. Праз два месяцы яго перавезлі ў лагер на вул. Шырокай (цяпер вул. Куйбышава). У гэтым лагеры яму ўдалося наладзіць ліставанне са сваёй сям'ёю з дапамогай аднаго паліцэйскага, свайго былога вучня. 28 чэрвеня 1944 г. жонка Шалканоўцава атрымала ад яго з лагера апошнюю запіску: «Справа скончаная. Жадаю шчасця. Бялізна лішняя. Усіх абдымаю ды цалую. Бывайце. Павел». 30 чэрвеня, за некалькі дзён да прыходу ў Мінск Чырвонай арміі, Паўла Шалканоўцава разам з усімі вязнямі лагера на вуліцы Шырокай вывезлі ў Трасцянец і там расстралялі, а цела пазней спалілі.

 

Сям'я Шалканоўцавых. 1938 г. Злева направа: Антаніна Андрэеўна, Лёва, Ларыса, Павел Ільвовіч.

 

Ала Міхайлаўна Ганчарэнка, нар. у 1936 г. Яе маці Марыя Вікенцьеўна Капойка ўдзельнічала ў супраціўленні акупацыйным уладам: хавала і перапраўляла параненых салдат да партызанаў, вазіла зброю ад партызанаў падпольшчыкам у Мінск. У 1944 г. яе разам з адной настаўніцай з вёскі Сухарава арыштавалі і накіравалі ў Мінск. Ала назірала з лесу, як паліцэйскія везлі яе маці на фурманцы. Пазней сястра Алінай маці патрапіла даведацца ад вызваленай настаўніцы, што Марыя Вікенцьеўна знаходзілася ў камеры № 14 турмы на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Сястра Алінай маці нават здолела дамовіцца, каб ёй дазволілі пабачыцца з Марыяй і перадаць ёй рэчы. Прыблізна за тыдзень да вызвалення яна наведала турму, але вязняў там ужо не было. Усё, што яна змагла даведацца, — што ўсіх іх вывезлі ў Трасцянец і там забілі.

Марыя Вікенцьеўна Капойка з дзвюма дочкамі (пасярэдзіне Ала, злева Таццяна), прыблізна 1940-1941 г.

 

Выстава працуе з 14 сакавіка па 16 красавіка ў будынку Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны па адрасе: прасп. Пераможцаў, 8. Уваход бясплатны.

Кантактная інфармацыя: chumakova@ibb.byaliaksandr.dalhouski@ibb.by, тэл.: 8 (017) 380-37-17.

Каментары да навіны: