«Яны прымушалі аскепкам цэглы церці адно адному спіну замест мыла»

2017-03-17

Па цяжкую прымусовую працу, здзекі над габрэямі і «нямецкі парадак» распавядае Рыгор Х. у трэцяй частцы сваіх успамінаў. 

 

«[…] З прыходам немцаў. А мы ведалі ўжо загадзя з газет, што было ў Нямеччыне, як пераследвалі габрэяў. Пры Сталіне нам было добра вядома з газет, радыё. Мы ведалі, што чакаць добрага не давядзецца. Праўда, ніхто не мог прадбачыць, што будзе прынята рашэнне аб канчатковым вырашэнні габрэйскага пытання, інакш кажучы, аб поўным знішчэнні габрэяў. Але абмежаванні мы адразу, з першага моманту ўбачылі. Адразу габрэям нельга было ісці па тратуары пешаходным. Габрэю нельга было заходзіць у краму і купляць тавары. Габрэям нельга было хадзіць удвох, утрох, а толькі адзін ззаду іншага […] То бок, гуськом, адзін за другім. Трэба было здымаць шапку перад немцам. А калі немец быў у цывільным адзенні і не мог [габрэй, – Г.К.] адрозненні зразумець, ён мог цябе збіць, што і было. Немцы, як правіла, без нагаек не хадзілі па горадзе. […] Так, і некаторыя нават не толькі збівалі, але нават забівалі за тое, што шапку не здымалі, з пісталета. Ад ягонага [немца, – Г.К.] настрою ўсё залежыла: захоча – заб’е. Ён мог забіць. Ён насамрэч не адказваў за забойства габрэя. 

Пасля прыходу немцаў. Фота: upron-licvin.livejournal.com

Габрэям трэба было здаць ровары, радыёпрыймачы, фотаапараты. Што яшчэ? Усё бясплатна, вядома. І самае галоўнае, што габрэі павінны былі кожнае раніцы сабрацца на плошчы адведзенай і чакаць, пакуль прыйдуць цябе ўзяць на працу. Работы былі самыя розныя: расчыстка завалаў ад бамбёжак, што было, ад пажараў, так, і іншую, і іншую цяжкую працу. Не тое, што яна цяжкая была – яна была ў руках людзей, якія прыдумлялі ўсё, што заўгодна, каб тваё жыццё зрабіць невыносным. Я магу прыклады прывесці. Напрыклад, са мной тое, што было.

Немец абшуквае габрэя. Фота: upron-licvin.livejournal.com

На чыгунку. То бок ты прыходзіш на плошчу, там прыходзяць салдаты, скажам, нямецкія ці якія служачыя, так, палякі ў асноўным з адміністрацыі, якую немцы ўсталявалі. Ім трэба пяцьдзесят чалавек. Ён заяўляе: «50 чалавек сюды!» І забірае. Зразумела, так? 

Вось у тым ліку нам, мне, даводзілася некалькі дзён працаваць на чыгунцы. Яна тут побач амаль, на вакзале. І цягаць цяжэнныя скрыні драўляныя без ручак. Я не ведаю, колькі яны важылі – яны розныя былі, так. Па-першае, трэба мець на ўвазе, што нас не кармілі і нам нічога не плацілі. Ты прыйшоў, калі ўзяў з сабой кавалак хлеба, каб паесці – добра, не – ты цэлы дзень галодны з ранку да вечара. Яны стаялі з нагайкамі, гналі, каб бегам бегчы з гэтымі скрынямі. Людзі падалі, скрыні падалі на ногі. Так. Ты пакутваў, ты абцякаў крывёю, рукі былі падрапаныя, парваныя проста ад гэтых скрынь. Яны стаялі, рагаталі і білі цябе, каб ты хутчэй бег. 

Пасля прыходу немцаў. Фота: upron-licvin.livejournal.com

Прыклад другі, гэта тое, што са мной было. Недалёка тут быў памешчык польскі […] І гароды яго стаялі, а там былі калгасныя агароды ў той час, усё роўна, так. Гэта значыць, яны неапрацаваныя. Нас ганялі туды палоць, ну, вырываць там, скажам, морква расла. Дапусцім. Я памятаю добра адзін дзень, расла морква, мы там палолі. Праца лёгкая – не сказаў бы, вельмі цяжкая – не сказаў бы таксама, накшталт таго. Так? Улічваючы, што не даюць табе есці, не даюць табе піць, не даюць у прыбіральню схадзіць, прабачце дзеля Бога. Але гэта не самае галоўнае. Стаіць немец салдат з вінтоўкай. І раптам стрэл. Што апынулася: хтосьці выпрастаўся, бо нельга ўвесь час сагнутым так сядзець, трэба ж выпрастацца, змяніць позу. А ён страляў: альбо над галавой свішча куля, альбо наўмысна раніў, забіваў чалавека. Вось уявіце сабе! Вы працуеце, вы павінны палоць, азірацца. Вы баіцеся распрастацца, вы таксама баіцеся таму, што тут жа гучыць стрэл, і нехта падае. Вось калі ласка. […]

Праца. Фота: upron-licvin.livejournal.com

 […] У Гродне была гасцініца «Раяль». Цяпер там будынак стаіць, гасцініцы няма – не важна. Там была, па-мойму, Field Gendarmerie, так, палявая жандармерыя […] Так там таксама працавалі габрэі: там чысціць, прыбіраць, не ведаю, што там. Яны [немцы, – Г.К.] прыдумалі гульню ў канцы дня працоўнага. Там было нешта накшталт невялікага басейна ў двары. Яны прымушалі пасля працы ўвайсці ў басейн мыцца ў бруднай вадзе. Але гэта не самае галоўнае. Кожны павінен быў узяць аскепак цэглы. Узяць, разбіць цагліну на кавалкі, узяць аскепкам цэглы церці адно адному спіну замест мыла. Калі кроў не з'яўляецца – цябе збіваюць. А калі ты ціснеш так, што кроў з'яўляецца – цябе не чапаюць.[…] 

[…] Быў выпадак, што заганялі ў ваду ў Нёмане, у рацэ тут, і не давалі ім [габрэям, – Г.К.] выйсці. Яны ўсе патанулі. Былі выпадкі, што забівалі за  горадам. Усё было. Разумееце? […]»

Цывільнае насельніцтва ідзе пад рулямі нямецкіх аўтаматаў. Фота: upron-licvin.livejournal.com

 

У падрыхтоўцы матэрыяла была выкарыстана транскрыпцыя інтэрв'ю Рыгора Х. з калекцыі Алесі Белановіч «Остарбайтэры».  Усе архіўныя матэрыялы даступныя пасля рэгістрацыі.

Пераклад з расейскай мовы і рэдактура Ганны Кавалёвай. 

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: 

«ПАМЁР ВАШ ДЗЯДУЛЯ, МЫ ВАМ ЗАРАЗ ПАКАЖАМ!». АНТЫСЕМІТЫЗМ У МІЖВАЕННЫМ ГРОДНА» 
«МЫ САПРАЎДЫ БЫЛІ РАДЫ ТАМУ ШТО ПРЫЙШЛИ ЧЫРВОНААРМЕЙЦЫ»

Каментары да навіны: