У пошуках гісторыі Мінскага гета і Малога Трасцянца

2017-07-27

Беларускі архіў вуснай гісторыі разам з Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна 16-22 ліпеня правялі ў Мінску вуснагістарычную экспедыцыю, прысвечаную гісторыі Мінскага гета і месца знічтажэння Малы Трасцянец.

 

Гісторыя Мінскага гета і месца знішчэння Малы Трасцянец дзесяцігоддзямі заставалася па-за ўвагай. Падчас вайны былі забітыя не толькі савецкія ваеннапалонныя, падпольшчыкі і беларускае грамадзянскае насельніцтва, але і дзясяткі тысяч яўрэяў з Мінску і прылеглых мястэчак, а таксама краін былога Трэцяга рэйха, гарадоў Гамбург, Брэмен, Дзюсельдорф, Кёльн, Бонн, Франкфурт, Кёнігсберг, Вена, Брно…

Запіс успамінаў сведкі  

Тэндэнцыя замоўчвання праблемы ахвяр Халакосту, прымусовых рабочых, былых ваеннапалонных, якія не ўпісваліся ў канцэпцыю вялікай перамогі, закранула і гісторыю гэтага месца. Неабходна зрабіць усё магчымае для захавання памяці пра падзеі Халакоста ў Беларусі, яго ахвяр, у тым ліку падымаючы тэму ў адпаведных навуковых і асветніцкіх выданнях, звязаных з тэматыкай вайны.

Падчас экскурсіі з Іванам Сацукевічам па тэрыторыі былога Мінскага гета

Мэта экспедыцыі – запіс сведчанняў старажылаў горада Мінску пра правядзенне нацыстамі палітыкі Халакосту. Не гледзячы на тое, што ўжо прайшло больш за 70 гадоў, атрымалася знайсці яшчэ жывых сведкаў, якія маглі згадаць падзеі такой даўніны. Група валанцераў, якая складалася з 19 чалавек, сабрала надзвычай каштоўныя ўспаміны, выкарыстаўшы верагодна апошнюю магчымасць запісу такіх інфарматыўных інтэрв’ю па тэме ў непасрэдных відавочцаў.

Удзельнікі экспедыцыі

Усяго было сабрана 46 успамінаў (больш за 120 гадзін запісу). Рэспандэнты былі 1923-1942 гадоў нараджэння. Пераважная большасць з іх нарадзілася ў 1930-я гады, усе яўрэйскай нацыянальнасці. Ключавымі сэнсавымі блокамі інтэрв’ю была інфармацыя пра выжыванне падчас вайны, а таксама захаванне памяці пра гэтыя падзеі пасля 1944 году. Падчас інтэрв’ю маглі ўздымацца дадатковыя тэмы, звязаныя з гісторыяй гораду. 

Сябра БАВГ Ягор Сурскі з рэспандэнткай

Праведзеная праца  стала магчымай у значнай меры дзякуючы інфармацыйнай падтрымцы Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Узаемапаразуменне».

Каментары да навіны: