Адбылася прэзентацыя інтэрнэт-праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі” ў Оршы

2013-04-23

19 красавіка ў Оршы адбылася прэзентацыя інтэрнет-праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”.

Аматары вуснай гісторыі, неабыякавыя да захавання гістарычнай памяці краязнаўцы, журналісты, выкладчыкі і іншыя зацікаўленыя сабраліся, каб паразмаўляць пра перспектывы збору ўспамінаў сведак часу і новы архіўны праект. Удзельнікам сустрэчы прадэманстравалі прэзентацыйны ролік з экспедыцыі архіва, распавялі аб актуальных магчымасцях інтэрнет-партала для даследчыкаў і адукатараў.

Навуковы кіраўнік праекта, доктар гістарычных навук Алесь Смаленчук зрабіў акцэнт на важнасці распрацоўкі вуснагістарычнага накірунка ў Беларусі, пазнаёміў прысутных з некаторымі практычнымі аспектамі навуковых экспедыцый па зборы ўспамінаў. Каардынатар праекта, гісторык Ірына Кашталян распавяла пра напаўненне архіва, перспектывы яго  развіцця, магчымасці выкарыстання. Архівіст Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук Анатоль Вялікі паказаў сувязь паміж традыцыйнымі архіўнымі папяровымі дакументамі і дадзенымі з вусных крыніц на прыкладах з яго даследчай практыкі.

У канцы мерапрыемства адбылася гарачая дыскусія. Слухачы змаглі задаць важныя для іх пытанні, падзяліцца сваім вопытам даследванняў па вуснай гісторыі, дамовіцца на пэўнае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі праекта.

 

Каментары да навіны: