На варотах серп і молат, а ў хаце смерць і голад

2018-04-18

24 красавіка на паседжанні Клуба вуснага гісторыка Ірына Раманава ды Ірына Кашталян раскажуць пра голад 1930-х і 1940-х гг. у Беларусі.

Голад быў штодзённай рэальнасцю для жыхароў Беларусі практычна ўвесь перыяд СССР, хіба ад 1960-х гэтая праблема ўжо не была актуальнай: «за Брэжневым паелі каўбаскі», – кажуць рэспандэнты.

Самым страшным часам для людзей сталі 1932-1933 гады, калі ад голаду памерлі тысячы сялянаў. Вось такія справаздачы прыходзілі тады з месцаў: «Чакаюць смерці і просяць розных асобаў забраць у іх дзяцей і выратаваць іх ад галоднай смерці».

Голад быў прадказальным вынікам калектывізацыі і жорсткай палітыкі датычнай сялянства, якая дасягнула свайго рэпрэсіўнага піку ў рашэнні аб «ліквідацыі кулака як класа».

Нягледзячы на важнасць, тэма голаду даследавана слаба. Ірына Раманава адзіная, хто шчыльна займалася гэтым сюжэтам 30-х гг. у Беларусі, не толькі шукаючы архіўныя дакументы, але і апытваючы непасрэдных сведак. У сваёй лекцыі яна раскажа пра падзеі 1932-1933 гг., а таксама прааналізуе перадумовы ўзнікнення голаду.

Ірына Кашталян у сваю чаргу зверне ўвагу па пасляваенны голад 1946-1947 гг. Даследчыца распавядзе пра стратэгіі выжывання і ролю Заходняй Беларусі ў гэты час.

Акрамя таго на паседжанні будзе прэзентаваная кніга «Минский мужик. Что я видел в Советской России? Из моих личных наблюдений» – унікальная крыніца даследавання беларускай штодзённасці савецкага перыяду.

Мерапрыемства адбудзецца 24 красавіка ў 18.30 па адрасе: вул. Сухая, 25 («Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна»). Уваход вольны.

Каментары да навіны: