Новік Алена Паўлаўна: "Абнясі вас Госпадзі, каб ніхто не перажываў гэта, што мы перажылі!"

2013-09-09

Новік Алена Паўлаўна пражывае на Гродзеншчыне больш за 80 год. Яе інтэрв’ю было запісана ў жніўні 2011 года, у экспедыцыі пад кіраўніцтвам прафесара А. Смаленчука ў межах праекта “ХХ стагоддзе ў памяці беларусаў”.

Алена Паўлаўна  нарадзілася 6 сакавіка 1927 года ў вёсцы Волца (цяпер Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць).

“Бацькі мае былі, па тры класы паканчалі ў царскае врэмя. Но перажылі тожа яшчэ болей! Я ж яшчэ хаты помню да Первай міравой вайны, якія былі, ну, не курныя, але нізкія паталкі, дверы, окна малыя, шэсць шыбачак невелькіх... Але веска вялікая была: чатыры кузні, магазін, мельніца, пажарная, почта! А ў нас у зале была школа і хадзілі чатыры вёскі …”

“Мы хадзілі ў школу, па-польскі ўсё вучылі! Выходзілі на перарыў - усе па-беларускі гаварылі, як адзін чалавек! А цяпер можна гаварыць - і ніхто не хоча па-беларускі! Вот мяне гэта заядае! Чаму? ”

Яна атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю, правучылася два курсы ў Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Навагрудку.

“Прыйшлі саветы ў 39-м. Камуністы крычаць: "Хутара - народу!" Дарогі, меліярацыя... Кажуць: “Дзе вы дзенецеся з гэтай беларускай школай? Хай будзе руская!” І ўсё, і руская так яна і па сягонняшні дзень! А вось пры немцах вучылася, то чыста на беларускай мове.”

“Помню, як немцы прыйшлі - ну, вайна, мы ж сразу не ведалі! Як прыйшлі ў нашу вёску, нам тожа адразу дрэнна было. Сразу 17 коней забралі. Каго з людзей схвацілі і завязлі ў гэты, аж у Казахстан, каго расстралялі. Вось, яўрэі вельмі дружныя, іх мала вывозілі, а нашых валаклі, валаклі туды... 42-гі год, усе баяцца. Як немец адзін пагібае, так вёску паляць. Было і гэтак. Шмат людзей у паліцыю ішло - цянулі, а там после і баяліся! А ў партызаны тожа цянулі. Што немцы, а што самі сваіх пастралялі! Шмат і сваіх...”

“А я кончыла сем, у Наваградку адкрываюць семінарыю: настаўніцкую і прагімназію. Давай мы паступаць! Ужо ў ж Германію не возьмуць хоць. Но, знаеце, пабылі трохі - давай уцякаць! Баяліся тожа, рабочая сіла, сразу ўсіх!..  інспектар сабраў нас, як цяпер помню, у школе стаў, калідор длінны, стаў на табурэтку і кажа: "Дзеці, не ўцякайце! Любымі судьбамі будзем вас абараняць, каб вучыліся!"

Падчас навучання там Алена Паўлаўна патрапіла ў Саюз беларускай моладзі.

“У семінарыі 12 чалавек было, нам ужо камсамол закрыты, бо мы ж ужо беларусы, Саюз беларускай моладзі! Мы ж не здароваліся: "Хайль Гітлер", мы крычалі: "Жыве Беларусь!" Гэтакія былі, вот і ўсё.”

“Скончыла у 44-м два курсы семінарыі, далі нам дыпломы - і пайшлі, я - ў Калінкавічскі раён. І, вы думаеце, што? Я свой знішчыла, бо баялася! Як што, скажуць: "Ты, што чакаеш фашыстаў?" Гэта ж ясна! Баялася... Прыйшлі саветы: “Чаму цябе не пасадзілі і не расстралялі вышло! Чаму ты як той, чаму ты ў плен здаўся?” Студэнтаў, што вучыліся после, з нашай вёскі-то пасадзілі 17 дзяўчат маладых, у Наваградку, з семінарыі, старэйшых, малодшых, з нашай групы... ”

“А як кончылася вайна, дак нам людзям: “Нет, вы былі ў акупацыі, вы – западнікі!” І мы ўжо трэцім сортам вышлі усё! І, вот, я і цяпер, і гаварыла, і гавару. Я кажу: "Ніколі другім сортам не была!"

Закончыла пасля вайны медычную вучэльню разам з сястрой Барыса Кіта, працавала да 1971 медсястрой у лякарні ў хірургічным аддзяленні. На момант інтэрв’ю жыла без мужа ўжо 32 гады. Муж, франтавік, інвалід 2-й групы, быў паранены ля Кёнігсберга, працаваў ветэрынарным доктарам. Разам яны пераехалі ў Любчу ў 1964 г., дзе яна і жыве зараз. Мае сына, які жыве ў Брэсце.

Падчас інтэрв'ю рэспандэнтка ўзгадвае гісторыі з даваеннага жыцця заходнебеларускай вёскі, пра візіты родных з Мінску, рэпрэсіі супраць дзядзькі за пераход мяжы, навучанне ў Навагрудскай беларускай настаўніцкай семінарыі ў перыяд акупацыі, кватэраванне партызан, пасляваенныя рэпрэсіі супраць сяброў Саюза беларускай моладзі і іншыя тэмы. 

Цалкам інтэрв'ю можна паглядзець у нашым архіве, калекцыя Беларускага архіва вуснай гісторыі "Наваградчына І Карэліччына, 2011

Каментары да навіны: