"Беларускі архіў вуснай гісторыі" запрашае на трэнінг па аналізе інтэрв’ю са сведкамі часу

2013-10-08

Запрашаем 2-3 лістапада ў Мінск на доўгачаканы трэнінг па аналізе ўспамінаў, які правядзе прафесійны вусны гісторык Імке Хансэн (PhD) з Гамбургу.

У межах мерапрыемства вы даведаецеся, як можна трактаваць аповеды сведак часу, які плён даследчыку прыносяць правільна зададзеныя ў інтэрв’ю пытанні, як структурна арганізаваць працэс інтэрпрэтацыі, як працаваць з транскрыпцыямі ўспамінаў, што такое этыка інтэрпрэтатара і як працаваць з табуяванымі тэмамі.

Зацікаўленых просім накіроўваць заяўкі з пазначэннем кароткіх звестак пра сябе, матывацыі ўдзелу, узроўню ведаў у накірунку вуснай гісторыі, кантактнай інфармацыі на адрас электроннай пошты: info@nashapamiac.org.

Колькасць месцаў абмежавана, на падставе заявак будуць адабраныя 15 удзельнікаў. Пры адборы будзе аддавацца перавага асобам з досведам збора вуснагістарычных матэрыялаў, а таксама тым, каму дадзенае навучанне патрэбна для правядзення ў будучыні ўласных даследванняў і праектаў.

Апошні тэрмін падачы заяўкі: 20 кастрычніка 2013 года, пра вынікі разгляду будзе паведамлена да 25 кастрычніка.

Імке Хансен вывучала паліталогію, гісторыю і даследванні Усходняй Еўропы ва ўніверсітэтах Гамбурга і Кракава. Пасля завяршэння вучобы працавала ў Беларусі ў вуснагістарычным праекце Фонда "Памяць, адказнасць і будучыня» па вывучэнні рабскай і прымусовай працы падчас Другой сусветнай вайны. 2005 - 2010 навуковая супрацоўніца аддзела ўсходнееўрапейскай гісторыі і выкладчыца Гамбургскага ўніверсітэта, у 2012 абараніла дысертацыю па тэме "Ніколі больш не паўторыцца Асвенцым!" З'яўленне сімвала і будні памятнага месца 1945-1955". Зараз знаходзіцца на постдактаральнай праграме ва ўніверсітэце г. Упсала, Швецыя.

Поле навуковых інтарэсаў: гісторыя Усходняй Еўропы, гістарычная памяць, юдаіка, вусная гісторыя, гістарычная антрапалогія, сацыялогія.

Каментары да навіны: