Прэзентацыя праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі” ў Кракаве

2013-10-21

19 кастрычніка 2013 года ў Кракаве ў межах V працоўнай сустрэчы Польскага таварыства вуснай гісторыі адбылася прэзентацыя праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”. Таксама праект прадставілі падчас сустрэчы членаў Беларускага таварыства ў Кракаве. 

На працоўнай сустрэчы Польскага таварыства вуснай гісторыі, якая адбывалася ў Этнаграфічным музеі Кракава, навуковы кіраўнік праекта Алесь Смалянчук распавёў пра асноўныя мэты БАВГ пры яго стварэнні, а таксама пра пэўныя вынікі даследчыцкай працы ў межах праекта на сённяшні дзень. 

Архівіст праекта  прэзентавала асноўныя задачы архіва, іх увасабленне, ахарактарызавала тэматыку калекцый архіва і інш. Пытанні і заўвагі прысутных тычыліся як асноўных тэматычных распрацовак, прадстаўленых на прэзентацыі, так і арганізацыі працы архіва. 

Можна казаць пра значную цікавасць да архіва з боку польскіх даследчыкаў, якія займаюцца гісторыяй (т. зв. “крэсаў”), а таксама з пункту гледжання тэорыі і методыкі арганізацыі самога архіва і даследаванняў, што праводзяцца тут.

На сустрэчы Беларускага таварыства ў Кракаве, якое ўзначальвае гісторык Юры Гардзееў, ішла гаворка пра феномен вуснай гісторыі, вуснагістарычныя крыніцы, іх захоўванне, магчымасці выкарыстання і інтэрпрэтацыі ў гістарычных даследаваннях.

Каментары да навіны: