Прэзентацыя БАВГ у Брэсце

2013-11-01

29 кастрычніка 2013 г. адбылася прэзентацыя Беларускага архіва вуснай гісторыі для студэнтаў і выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Прадстаўнікі каманды праекта прадэманстравалі магчымасці архіўнага партала і распавялі пра асноўныя накірункі сваёй дзейнасці па папулярызацыі ў Беларусі вуснагістарычнага накірунка.

Каардынатар праекта Ірына Кашталян агучыла інфармацыю пра прычыны стварэння праекта, яго задачы, распрацоўваемыя тэмы і планы на будучыню. Студэнты даведаліся пра маемы комплекс крыніц, магчымасці яго выкарыстання для даследаванняў і адукацыйных праектаў.

Архівіст Ганна Кавалёва прадставіла распрацаваную на партале рубрыку, прысвечаную 1939 году, канферэнцыю, якую плануецца правесці па такой тэме ў верасні наступнага году. Чакаецца актыўны ўдзел прадстаўнікоў гэтага рэгіёна ў дадзеным мерапрыемстве.

Каардынатар конкурса для школьнікаў Вольга Цадко пазнаёміла аўдыторыю з нядаўна падрыхтаванымі і апублікаванымі матэрыяламі для вучняў, што паказваюць прынцыпы працы з вуснагістарычнымі крыніцамі.

Аператар і адміністратар праекта Павал Сітнік запрасіў прысутных на будучыя экспедыцыі па зборы ўспамінаў і патлумачыў чаму кожнаму неабыякаваму да беларускай гісторыі важна перажыць такі вопыт сутыкнення з гісторыяй.

Пасля адбылася плённая дыскусія. Прысутных асабліва цікавілі прынцыпы доступу да ўспамінаў, метадычная дапамога ў правядзенні даследаванняў, магчымасці сумесных праектаў, супрацоўніцтва з навукоўцамі іншых краін. Такая ўвага да тэмы паказвае, што матэрыялы архіва будуць запатрабаваныя сярод гэтых будучых спецыялістаў па гісторыі, і што камандзе праекта будзе варта прыехаць правесці яшчэ не адно мерапрыемства ў гэтым горадзе.

Каментары да навіны: