Прэзентацыя конкурсу відэа-інтэрв’ю “Памяць Народа”

2015-01-27

Конкурс відэа-інтэрв’ю “Памяць Народа”

Гісторыя – гэта навука, якую вялікі элін Герадот прыдумаў у V ст. да нашай эры. Гісторыя – гэта ўсё тое, што адбылося з чалавецтвам, дзяржавамі і народамі. Гэта “вялікая” гісторыя. А яшчэ ёсць “маленькая” гісторыя, не гісторыя можа – успамін, аповед пра цікавыя падзеі з уласнага жыцця, што пераказалі нам людзі старэйшага веку. Якая сувязь паміж “вялікім” і “маленькім”, паміж салідным падручнікам ды ўспамінам дзеда пра тое, як “за панамі жылося”? Непасрэдная!

 Першы з першых, Герадот Галікарнаскі, у якасці асноўных крыніцаў карыстаўся менавіта з успамінаў і апавяданняў людзей. Пасля яго пройдзе амаль дзве з паловай тысячы гадоў, зменіцца шэраг гістарычных школаў і падыходаў, з’явяцца метадалогія, гістарыяграфія, археалогія і дзесяткі дапаможных дысцыплінаў. І ўжо ў наш час гісторыкі зноў пачнуць ставіцца да ўспамінаў чалавека, як да асноўнай крыніцы ведаў пра мінулае. Напрыканцы ХХ – напачатку ХХІ стст. большасць краінаў займелі сваіх даследчыкаў, што працуюць з вуснымі ўспамінамі. Гэты гістарычны накірунак назвалі Oral History ("Вусная Гісторыя"),  людзей, якія прыгадваюць і апавядаюць – сведкамі часу, а даследчыкаў – вуснымі гісторыкамі.

Гісторыя Беларусі ХХ ст. была вельмі насычана гістарычнымі падзеямі, што непасрэдна адбілася на лёсе ўсяго беларускага народа, на лёсах  Беларусаў.  Менавіта са сваім уласным лёсам знаёміць нас дзед, калі распавядае пра вайну, паноў, "меліярацыю", сваё жыццё пераказвае бабуля, якая "й ткала, й прала, й жыта жала". Вусныя гісторыкі заўважылі, што калі назапашваць і навукова апрацоўваць гэтыя аповеды, паўстае новая гістарычная крыніца  – вусны ўспамін. Крыніца ўнікальная, бо спалучае ўспамін аб гістарычных падзеях з аднаго боку і думкі, адчуванні ўдзельнікаў гэтых падзеяў, з другога. Таму можна ўпэўнена сказаць: гісторыя сям’і – гісторыя народа! 

Дзеля папулярызацыі гэтага накірунку працы з мінулым, Беларускі архіў вуснай гісторыі (МГА “Гісторыка”) распачынае конкурс відэа-інтэрв’ю “Памяць Народа” . Запішыце ўспаміны сваіх старэйшых сваякоў, родных, знаёмых, занатуйце іх мінулае, захавайце іх памяць і веды!

 

 

Умовы конкурсу “Памяць Народа”

Дзеля таго, каб прыняць удзел і перамагчы, неабходна зняць успаміны чалавека старэйшага пакалення і даслаць атрыманае відэа-інтэрв’ю арганізатарам  конкурсу:

1. Конкурс “Памяць Народа” быў анансаваны 15 студзеня 2015 году, таму прымаюцца відэазапісы зробленыя пасля гэтага дня. Апошні дзень прыймання відэа – 15 красавіка 2015 году ;

15 красавіка па 30 красавіка – праца экспертнай групы і галасаванне на канале Youtube;

4 траўня – узнагароджанне пераможцаў конкурсу.

2. Жорсткія рамкі працягласці відэа адсутнічаюць, але пажадана ўкласціся ў 20-25 хвілінаў. Мінімальная даўжыня відэа-інтэрв’ю – 4-5 хвілінаў. Арганізатары конкурсу могуць дапамагчы з мантажом відэа, калі, напрыклад, трэба выразаць самы цікавы момант з доўгага відэазапісу.

3. Галоўны крытэр  ацэнкі дасланых відэа – цікавы змест успаміну. Чым даўнейшыя часы апісвае сведка часу, альбо чым унікальней яго ўспаміны, тым болей шанцаў атрымаць галоўную ўзнагароду конкурсу.  Прапануем здымаць і дасылаць успаміны, якія апісваюць падзеі і лёсы людзей ад любой даўніны да 1991 года ўключна.

4. Узнагароды атрымаюць аўтары трох самых цікавых відэа-інтэрв’ю:

1 месца – відэакамера з флэш-памяццю;

2 месца – сучасны планшэт,

3 месца – набор цікавых кніг.

Першае і трэцяе месца вызначыць экспертная група, якая складаецца з вуснага гісторыка, этнографа і відэа-аператара.
Уладальніка планшэта абярэ галасаванне, якое адбудзецца на канале Youtube Памяць Народа, праз колькасць падабаек (лайкаў) пад відэа-інтэрв’ю. Пераможа аўтар відэа, пад чыёй працай найбольш падабаек. Колькасць праглядаў відэа і непадабайкі (дзізлайкі) ні якім чынам улічвацца не будуць.

5. Кожнае відэа павінна мець інфармацыю пра запіс, так званы Пашпарт вуснагістарычнага ўспаміну. Гэта звесткі пра галоўнага героя відэа-інтэрв’ю, Вашага сведку часу: імя, прозвішча, імя па бацьку, месца і дата нараджэння, месца пражывання падчас узгадваемых падзеяў (калі гэта не згадваецца у інтэрв’ю). Таксама трэба пазначыць дату й месца запісу відэа-інтэрв’ю, імя і прозвішча аўтара відэазапісу, кантактныя звесткі – тэлефон, электронная пошта. “Пашпарт" можа быць дасланы у прымацаваным тэкставым файле, альбо агучаны падчас відэазапісу.

6. Даслаць відэа можна наступнымі спосабамі:
I.Невялікі відэазапіс можна даслаць на электронную пошту – pamiac.naroda@gmail.com;
II. Больш “цяжкія” файлы можна запампаваць на  http://dropmefiles.com , ці любы іншы файлаабменнік, даслаўшы нам спасылку для спампоўвання і неабходную інфармацыю пра запіс;
III. Даслаць кружэлкі з відэазапісам звычайнай поштай на адрас: Мінск, вул. Карла Лібнэхта, 112, памяшканне 1/Н (РМГА «СЭТ»), індэкс 220036;
IV. Перадаць відэазапіс праз нашых калегаў ва ўсіх абласных гарадах, каб дамовіцца тэлефануйце: +375292423722, +375297556885, +375447357571.

Для дэманстрацыі таго, як можа выглядаць відэа, якія звесткі павінна ўтрымоўваць і наколькі цікавымі бываюць успаміны людзей старэйшага пакалення  Беларускі архіў вуснай гісторыі прадстаўляе сваё відэа-інтэрв’ю “Дзета Дзед”:

Усе, хто ўпершыню паспрабуе запісаць успаміны людзей сталага веку, напэўна пачуюць багата  цікавага, дзіўнага і нечаканага! Праверана ўсімі вуснымі гісторыкамі ва ўсіх краінах сусвету!

Прэзентацыі конкурсу “Памяць Народа”, пад час якіх можна задаць любыя вуснагістарычныя пытанні і атрымаць каштоўныя парады па запісу ўласнага відэа-інтэрв’ю, адбудуцца ва ўсіх абласных гарадах. Час і месца прэзентацыяў конкурсу:

  1. 29 студзеня – Гародня, Беларускі інстытут правазнаўства, вул. Маставая 39, актавая
  2. зала, 3 паверх, а 17.00;
  3. 2 лютага – Магілёў, час а 18.30, месца правядзення ўдакладняецца;
  4. 4 лютага – Віцебск, Цэнтральная гарадская бібліятэка ім. М. Горкага, вул. Фрунзэ
  5. 30а, а 18.30;
  6. 7 лютага – Гомель, Філіял Веткаўскага музею, вул. Леніна 4, а 16.00;
  7. 17 лютага – Берасце, Культурны цэнтр “Грунтоўня”, вул. Дзяржынскага 4, а 18.30
  8. 23 лютага – Менск, час і месца ўдакладнаюцца.

За актуальнымі навінамі й абвесткамі сачыце на нашых старонках:

Nashapamiac.org

ВКонтакце

Facebook

Запішыце ўспаміны сваіх родных і блізкіх, дашліце іх нам і перамагайце!

Памятайце гісторыя вашай сям’і – гісторыя ўсяго беларускага Народа!!!

Каментары да навіны: