
«Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці»
2017-11-09
Уступныя словы прафесара Алеся Смаленчука аб неабходнасці захавання памяці пра злачынствы савецкага рэжыму на адкрыцці канферэнцыі «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці».
Чым для народаў Беларусі і ўсёй постсавецкай прасторы быў перыяд камуністычнага панавання? Як можна ацаніць ягоныя вынікі? Гэтыя пытанні на працягу амаль 30 гадоў застаюцца аднымі з галоўных у галіне памяці і гістарычнай палітыкі нашага рэгіёну. 100-гадовы юбілей Расейскай рэвалюцыі яшчэ раз актуалізаваў іх. Але 2017 год – гэта таксама 80-годдзе Вялікага тэрору ў СССР. Супадзенне гэтых юбілеяў невыпадковае, бо рэпрэсіі супраць уласнага народу з’яўляюцца неад’емнай часткай палітыкі кожнага камуністычнага рэжыму.
Аднак разуменне гэтага пачало пашырацца ў публічнай сферы даволі позна. Усё ж такі адной з галоўных мэтаў гістарычнай палітыкі ў СССР і БССР было якраз імкненне схаваць праўду пра крывавыя старонкі ўласнай гісторыі і пра адказнасць партыі Леніна-Сталіна за здзейсненыя злачынствы. У лепшым выпадку казалі пра «некаторыя недахопы камандна-адміністратыўнай сістэмы». У Рэспубліцы Беларусь традыцыі савецкай гістарычнай палітыкі аказаліся даволі моцнымі і пасля распаду СССР.
Канферэнцыя «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці» – гэта нагода для дыялогу навукоўцаў і грамадскасці пра маштаб і накіраванасць камуністычных рэпрэсій, пра боль і трагедыю ахвяраў, пра памяць, якая павінна жыць…
Канферэнцыя «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці» адбылася 17-18 лістапада 2017 года ў Мінску. Арганізатарам гэтага навуковага форуму выступіў Беларускі архіў вуснай гісторыі (МГА “Гісторыка”) пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску, Лятучага Ўніверсітэта, Інстытута славістыкі ПАН.
Мерапрыемства сабрала даследчыкаў з Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны, Літвы, Германіі ды Італіі, якія абмяркоўвалі значэнне і наступствы савецкіх рэпрэсій для гісторыі народаў Усходняй Еўропы, месца і ролю памяці аб гэтых трагічных падзеях для сучаснага грамадства, праблемы даследавання гэтай складанай і “нязручнай” гістарычнай праблематыкі ў постсавецкіх краінах.
Спасылкі на больш падрабязнае асвятленне інфармацыі пра канферэнцыю ў медыя:
У Мінску прайшла навуковая канферэнцыя аб рэпрэсіях — першая за дваццаць гадоў
- Даследванне рэпрэсій неабходна, каб людзі перасталі рамантызаваць савецкую дзяржаву
- Испытание «войнами памяти»
- Масавыя сённяшнія палітычныя рэпрэсіі паходзяць з СССР
- Памятаць, каб не паўтарылася
Фотасправаздача з ходу канферэнцыі.