ВАЦЛАЎ КАВАЛЕЎСКІ і ЯНІНА СКУРАТ (КАВАЛЕЎСКАЯ):

на прымусовых работах усёй сям’ёй

Вацлаў Іванавіч Кавалеўскі нарадзіўся 7 чэрвеня 1928 г. у вёсцы Рудня Налібокская, якая ў той час уваходзіла ў склад Польшчы. У інтэрв’ю яскрава адлюстроўваецца яго “польская” ідэнтычнасць. Вацлаў кажа пра “польскую” і “савецкую” вайну, памятае песні на польскай мове, ходзіць у касцёл. У пасляваенны час яго сястра Адальфіна скарысталася магчымасцю пераехаць ў Польшчу. Вацлаў узгадвае, як не атрымаў дазвол ад савецкіх улад наведаць сястру, бо быў ваеннабязаным і мясцовае кіраўніцтва турбавалася, што ён можа застацца ў Польшчы і не вярнуцца ў Савецкі Саюз. Паездку дазволілі толькі яго матуле. У інтэрв’ю з Вацлавам таксама прымае ўдзел яго другай жонка Марыя Эдуардаўна Кавалеўская.

Адметна, што на прымусовыя работы ў Нямеччыну ў 1943 г. была выгнана не толькі ўсё сям’я Кавалеўскіх з 10 дзецьмі, але і ўся вёска Рудня Налібокская. Вацлаў распавядае, што падчас аблавы на партызан, усіх жыхароў вёскі немцы сагналі разам і на іх вачах падпалілі хаты. Усіх сялян, а гэта было каля 150 двароў, вывезлі на прымусовыя работы ў Нямеччыну. Так, сям’я Кавалеўскіх і іншыя жыхары іх роднай вёскі патрапілі ў маёнтак ля нямецкага горада Пархім (сёння гэта фэдэральная зямля Мекленбург - Пярэдняя Памеранія), дзе яны выконвалі сельскагаспадарчыя работы. Вацлаў распавядае цікавы факт, што жыхары Налібоцкай пушчы, вядомыя сваімі традыцямі самагонаварэння, нават ва ўмовах лагера для замежных работнікаў змайстравалі самагонны апарат, якім таемна карысталіся для сваёй патрэбы.

Яніна Іванаўна Скурат (Кавалеўская), малодшая сястра Вацлава, нарадзілася 24 сакавіка 1939 г., таксама была адпраўлена разам з сям’ёй у Нямеччыну. На той момант ёй было 4 гады, цяжкай фізічная працы яна рабіць не магла, таму знаходзілася ў лагеры з малымі дзецьмі. Яе дзіцячыя ўспаміны пра Нямеччыну звязаны ў першую чаргу з голадам і жабраваннем.

У інтэрв’ю з Янінай і Вацлавам асаблівае месца займае цяжкае пасляваеннае жыццё. Пасля вайны сям’я вярнулася на месца спаленай вёскі, некалькі тыдняў жыла пад дрэвам. Каб дапамагчы пракарміць сям’ю, Яніна з маленства хадзіла на розныя сельскагаспадарчыя падпрацоўкі. І Яніна, і Вацлаў здолелі атрымаць толькі пачатковую адукацыю, усё жыццё яны адпрацавалі ў родным рэгіёне на лясной і калгаснай гаспадарках.

ФОТАЗДЫМКІ

Відэафрагменты

Яніна Кавалеўская

Вацлаў Кавалеўскі