Прадстаўнік БАВГ наведаў Чарнобыльскую гістарычную майстэрню ў Харкаве

2015-05-22

11 траўня прадстаўнік Беларускага архіву вуснай гісторыі Уладзімір Валодзін у рамках даследчай працы над тэматыкай аварыі на ЧАЭС і з мэтай наладжвання партнёрскіх стасункаў наведаў Чарнобыльскую гістарычную майстэрню ў Харкаве.

Чарнобыльская гістарычная майстэрня ў Харкаве адчынілася ўвесну 2012 года. Заснавальнікамі выступілі Міжнародны адукацыйны цэнтр (IBB, Дортмунд), Харкаўская гарадская грамадская арганізацыя "Саюз Чарнобыль" і Нямецка-украінская партнёрская сетка (DUN). Чарнобыльская гістарычная майстэрня аказвае кансультацыйную дапамогу і падтрымку ў развязанні сацыяльных і прававых праблем пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, збірае і захоўвае ўспаміны ліквідатараў і перасяленцаў, а таксама ладзіць сустрэчы моладзі з пацярпелымі ад Чарнобыльскай катастрофы.

У памяшканні гістарычнай майстэрні размешчана выстава "Чарнобыль. Людзі. Месцы. Салідарнасць. Будучыня", у якой выкарыстоўваюцца ў тым ліку і інтэрв'ю з ліквідатарамі (як з Украіны, так і з Беларусі).
Раней перасоўныя варыянты гэтай выставы праехалі па гарадах Украіны.

У Беларусі, на жаль, правесці выставу не ўдалося, нягледзячы на тое, што праблема для краіны застаецца надзвычай актуальнай. Хаця беларуская дзяржава ўзяла курс на будаўніцтва ўласнай АЭС, але вынікі і наступствы Чарнобыльскай аварыі мусяць агучвацца і абмяркоўвацца ў грамадстве, бо няма гарантый, што катастрофа не паўтарыцца.

На бягучы момант у калекцыі Чарнобыльскай гістарычнай майстэрні сабрана каля 120 інтэрв'ю. Некаторыя інтэрв'ю былі ўзятыя ў падвойных перасяленцаў - людзей, якія калісьці пераехалі з забруджаных радыяцыяй земляў, а цяпер вымушаны ўцякаць ад вайны. Харкаўская гістарычная майстэрня мае намер стварыць анлайн-архіў інтэрв'ю ў аўдыё-фармаце, даступны для публікі.

Беларускі архіў вуснай гісторыі і Чарнобыльская гістарычная майстэрня абмяняліся выданнямі. Таксама адбыўся абмен досведам у зборы інтэрв'юі абмеркаваны перспектывы ўдзелу студэнтаў з Украіны ў конкурсе па вуснай гісторыі Чарнобыльскай катастрофы.

Каманда Беларускага архіву вуснай гісторыі спадзяецца на плённае супрацоўніцтва з Чарнобыльскай гістарычнай майстэрняй у распрацоўцы вуснай гісторыі Чарнобыльскай катастрофы і яе наступстваў.

 

Каментары да навіны: