Прэзентацыя БАВГ на VI Міжнародным кангрэсе беларусістаў

2015-05-31

29 траўня ў межах VI Міжнароднага кангрэса беларусістаў адбылася прэзентацыя зборніка матэрыялаў канферэнцыі "Восень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі".

Міжнародны кангрэс беларусістаў - гэта форум гуманітарыяў, які арганізоўваецца грамадскім аб'яднаннем "Міжнародная асацыяцыя беларусістаў" раз на пяць год і збірае даволі шмат замежных навукоўцаў, што вывучаюць Беларусь.

Кнігу прэзентавалі яе навуковы рэдактар Алесь Смалянчук і адзін з аўтараў Анатоль Вялікі. Яны распавялі пра свой досвед збору вусных успамінаў у экспедыцыях Беларускага архіву вуснай гісторыі ўздоўж былой "рыжскай" мяжы, а таксама пра канферэнцыю, якая прайшла ў верасні 2014 года.

На жаль, на прэзентацыю прыйшлі нямногія ўдзельнікі кангрэса. Затое тыя, хто патрапіў, праявілі непадробную зацікаўленасць у развіцці вуснай гісторыі ў Беларусі і ў самой кнізе. Алесь Смалянчук і Анатоль Вялікі адказалі на пытанні публікі, завязалася невялікая, але змястоўная дыскусія.

Матэрыял падрыхтаваў Уладзімір Валодзін

Каментары да навіны: