«Калектывізацыя ў Заходняй Беларусі паводле вуснай гісторыі»: прэзентацыя праекта

2015-10-05

Ці трэба паставіць помнік кулаку? Між іншым, і пра гэта пыталі беларускія даследчыкі ў жыхароў палескіх вёсак, збіраючы іх успаміны з часоў калектывізацыі.

У час Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Коўна прайшла прэзентацыя гэтага праекта з удзелам прафесара Алеся Смаленчука, гісторыка Таццяны Касатай, мастацтвазнаўцы Вольгі Лабачэўскай і Анны Энгелькінг з Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук.

Алесь Смалянчук: Экспедыцыя адбывалася летам. Яе арганізаваў і праводзіў “Беларускі архіў вуснай гісторыі. Мы працавалі ў Пінскім раёне. І нас найбольш цікавіла памяць людзей пра падзеі, звязаныя са стварэннем калгасаў і таксама жыццё ў калгасах. Мы запісалі 61 інтэрв'ю ў розных вёсках, і думаю сабралі багата інфармацыі, якая патрабуе, канешне, яшчэ свайго аналізу

РР: У час прэзентацыі было адзначана, што калектывізацыя на Палессі праходзіла больш мякка? У чым гэта выяўлялася?

Таццяна Касатая: Па-першае, людзям пакідалі зямлю, знакамітыя 30 сотак. Па-другое, поўнасцю не забіралі скаціну, вось свіней пакідалі, а забіралі найперш цяглавую жывёлу. Таксама калі казаць пра раскулачванне, то ва ўсходняй Беларусі – там вывозілі людзей сотнямі, а тут і самі рэспандэнты не заўсёды ўзгадвалі паняцце кулак, казалі, што вывазілі, але багацейшых. Рэпрэсій было менш тут, хоць яны таксама былі. І рэлігійны аспект: падчас калектывізацыі ва ўсходняй Беларусі рэлігійных інстытутаў ужо не існавала, а тут, хоць рэлігійная палітыка не адрознівалася лібералізацыяй пасля вайны і асабліва ў канцы 40-х гадоў, але ўсё ж цэрквы былі і святары дзе-нідзе былі. І прынамсі такім чынам можна было знайсці вось такі супакой, духоўны.

РР: Ці ў час размоваў з людзьмі былі выпадкі, што людзі баяліся гаварыць пра тыя падзеі, не хацелі іх узгадваць?

Алесь Смалянчук: Такога страху не было, людзі расказвалі пра тыя падзеі, хоць у нейкі момант мы адчувалі нейкае напружанне і было відаць, што чалавек не дагаворвае. Мы гэта тлумачылі тым, што людзям ужо цяжка ўзгадваць пра такія траўматычныя моманты, цяжкія, звязаныя з калгасам, таму што яны да гэтага часу жывуць у калгасах, атрымліваюць калгасную пенсію, акрамя таго, гэтыя калгасы сёння выконваюць для гэтых людзей ролю сацыяльных апекуноў, без іх дапамогі многія апусцелыя беларускія вёскі не змаглі б жыць.

РР: Якія найбольш цікавыя расповеды і выпадкі ўзгадваюцца?

Таццяна Касатая: Самы такі можа цікавы і камічны момант, што мы знайшлі новае паняцце. Калі мы ўсе ведаем пра “раскулачванне”, то тут першы раз пачулі пра “акулачванне”. То бок, чалавека пасля вайны маглі зрабіць “кулаком” для таго, каб або вывезці яго, або забраць нешта ў яго, або забраць больш, чым у іншых.

РР: Ці супраціўляліся людзі ўступленню ў калгасы, і калі так, то ў якіх формах такі супраціў адбываўся?

Алесь Смалянчук: Супраціў, канешне быў. Проста гэтага супраціву часам хапала не надоўга. Супраціў жа па-рознаму мог выглядаць, нехта проста трое сутак не падпісваў паперы на ўступленне ў калгас. Некаторыя, у каго была магчымасць, збягалі ў горад, каб там уладкавацца, напрыклад, меў добрую сталярную спецыяльнасць, а праца на мэблевай фабрыцы – гэта была ваенная вытворчасць, і адтуль не маглі ўжо забраць. Розныя былі формы, і, канешне, антысавецкая партызанка ў беларускіх лясах, якая ў вялікай ступені падпітвалася і калектывізацыяй. Мы ж ведаем выпадкі, калі людзі пайшлі ў лес, бо не маглі цярпець здзекі, якія савецкая ўлада чыніла над імі.

Урывак з запісаў экспедыцыі

Таццяна Касатая: А як вы думаеце, ці патрэбна паставіць помнік кулаку?

Рэспандэнтка: Канешне, што трэба паставіць, таму што той помнік ён зарабіў сваёй працай, гэтага ніхто яму не даваў.

РР: Што плануеце далей, які далейшы лёс гэтага даследавання?

Алесь Смалянчук: Будзем будаваць помнік кулаку ў Менску, пакуль не збудуем, будзем працягваць працу… А калі казаць сур'ёзна, то мы думае правесці ў будучым і канферэнцыю, прысвечаную гэтай праблеме, і выдаць зборнік матэрыялаў, у тым ліку ўспаміны людзей, сабраныя ў час экспедыцыі.

У час экспедыцыі пытанне пра “помнік кулаку” задавалася па просьбе польскай даследчыцы тэматыкі калектывізацыі Анны Энгелькінг з Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук, якая пачала займацца тэмай калектывізацыі ў 1993 годзе. Інфармацыю пра экспедыцыю “Калектывізацыя ў Заходняй Беларусі. 1939-1941, 1946-1952” знойдзем на сайце Беларускага архіву вуснай гісторыі www.nashapamiac.org.

 Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

 

Каментары да навіны: