Прэзентацыя інтэрнэт-праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”

2020-10-20

2 снежня 2011 года ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску адбылася прэзентацыя інтэрнэт-праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”(БАВГ), on-line сховішча калекцый успамінаў, сабраных рознымі даследчыкамі гісторыі Беларусі.

Напачатку быў арганізаваны прагляд роліка пра экспедыцыю на Наваградчыну, якая адбылася ў жніўні гэтага года, у межах праекта.Каардынатар праекта Ірына Кашталян распавяла пра неабходнасць і акалічнасці яго стварэння. Навуковы куратар, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук адзначыў важнасць распачатай працы ў накірунку выхавання культуры памяці і яе захавання ў Беларусі. Кіраўнік архіўнай часткі Вольга Іванова ахарактарызавала асноўныя этапы архіўнага захоўвання вусных успамінаў і задачы, якія вырашаюць архівісты ў межах праекта. Напрыканцы, кіраўнік тэхнічнай групы Уладзімір Гарлач разам з Ірынай Кашталян прадэманстравалі магчымасці інтэрнэт-рэсурса і доступу карыстальнікаў да дакументаў.

На мерапрыемстве прысутнічала больш за 40 чалавек: гісторыкаў, архівістаў, архівазнаўцаў, аматараў гісторыі. Прысутнымі было зададзена шэраг пытанняў, што тычыліся цяперашняй арганізацыі працы архіва і перспектыў далейшага развіцця, было выказана шмат думак, меркаванняў, якія будуць карысныя падчас далейшай працы праекта.

Каментары да навіны: